Максім Танк
Ехаў казачнік Бай
— Ехаў казачнік Бай
Цераз сёлы і гай.
Баіць ці не?
— Бай!
— Ён пытаўся ў мяне:
— Што даць дзецям у сне? —
Баіць ці не?
— Бай!
— Я прасіў: дзецям дай
Казку-песеньку, Бай!
Баіць ці не?
— Бай!
— А найлепшую з іх
Дам для самых малых.
Баіць ці не?
— Бай!
Тым хто любіць мяне
І хто першы засне. —
Баіць ці не?
— Не!
Калыханка
Прыляцелі у гасціны
Да малога Васілька
I сарока-белабока,
I варона з сасняка.
Пачала кума-варона
Калыханку напяваць,
Пачала з бароў урокі
Да малога заклікаць:
Гэй, змяркальныя урокі,
I світальныя урокі,
I вясновыя урокі,
I зімовыя урокі,
I з-пад ясных зор урокі,
І з-пад цёмных броў урокі,
Пазлятайцеся гурбой
Над калыскаю малой!
Пачала кума-сарока
Васілёчка калыхаць,
Пачала усе урокі
Ад малога адганяць:
Гэй, прыцешныя урокі,
I прысмешныя урокі,
I паўночныя урокі,
I паўдзённыя урокі,
I жаночыя урокі,
I дзявочыя урокі,
Развявайцеся ў барах
Па расцвіўшых верасах!..
Ды заплакаў Васілёчак,
Што сарока ўсе вятры,
Усе урокі адганяе
На дрымучыя бары.
Як пакінула ўсё гэта
Кумка хлопчыку свайму,
Праз усё жыццё спакою
Чары не далі яму:
То яго звадзіла рэха,
То спаць зоры не давал,
То яго паліла сонца,
То завеі асыпалі,
То спяваў палям, дуброве,
То тужыў па чарнабровай,
Аж ад гэтых чараў ён
I спакой згубіў і сон.
Нат калі спачыць прыйшлося,
Век пражыўшы, Васільку,
Кожны год, вясну і восень,
Чуўся шум у сасняку:
Шум бароў і плач птушыны,
Шорах забабонных траў,
Аж пакуль густой хваінай
Ён, разбуджаны, не ўстаў.
Той хваінай, над якою
Ўсходзіць серп маладзіка,
Над якой цвіце зарою
Кветка папаратніка.
Ірынка
Ірынцы спадабалася
Цудоўная вясна.
Як восені даждалася,
Пайшла прасіць яна,
Прасіць нябёс ня хмарыцца,
Вятроў — не галасіць,
Срабрыстых росаў раніцай
На травах не гасіць;
Каб сонейка высокае
Сьвяціла на палі,
А кветкі сінявокія
Зноў на лугох цьвілі;
Прасіць сям'ю крылатую
Зь лясоў не адлятаць,
Бярозку расахатую
Лістоў не атрасаць...
Прасіла яна шчыра так,
Прасіла ўсю зіму,
І мо' вясна аж з выраю
Вярнулася таму.
Вярнулася, пяе ізноў
Зь бярозкай над ракой,
Пяе сярод дуброў, лугоў
Зь Ірынкаю малой.
Якуб Колас
Дзед Мароз
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.
Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.
Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.
А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.
Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік доўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!
Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.
Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.